Аляксандр Брэнер
Праз дзесяць год на Зямлі пераможа тлушч. Хцівы тлушч – гавару гэта, хоць не відушч. То бок мы свабоду здамо. Хціўцы ўсталююць закон і парадак: Суцэльны feedback і дамы блядак, А хто пікне – таму на карак кляймо.
Застануцца адно офісы ды музеі. На вуліцах – шпікі, робаты й дабрадзеі. Бойкі будуць толькі паміж "Газпромам" і "Shell". Мастакі склейвацьмуць гэтую погань. Дзецьмі апануюць страх і знямога. Атрымае пяць дзён прыгону й два дні волі чэрнь.
Кансэнсус стане поўны, як кубак Грааля. Усе ведацьмуць Біла Гейтса і ніхто – Стэндаля, Свет стане бачным ажно да самых вантроб. Будуць цалкам знішчаныя мудрасць і разуменне. Канцлер Германіі вякне: «Небяспека там, дзе збавенне!» (Так азарэнне паэта ператворыцца ў нягеглы троп.)
Ага, поўнае адамашніванне расліннай чалавечай прыроды. Канчатковая дэградацыя скокаў і карагодаў. Аніякай гасціннасці, толькі загана й шлак. Як раптам… сярод ўсёй гэтай нікчэмнасці ды аблуды Адбудзецца самае сапраўднае цуда: Паўстанне шабляў, мячоў і шпаг.
Тое здарыцца так: у музейнай залі, Апоўначы, калі дабрадзеі пазасыналі, Раптам паднімуцца люты вэрхал і гучны гвалт. Усе кінжалы ў калекцыі выскачаць з ножнаў, Дзікі бразгат сякер вартаўніка ўстрывожыць, І дзіды вікінгаў зазвіняць чынгачгукавым тамагаўкам ў такт.
Зброя, выбіўшы дзверы й выскачыўшы з музеяў, Кінецца на шпікоў, робатаў і грамацеяў У іхных кавярнях, сарцірах, і вось на які капыл: Булава ў паветры круціцьмецца, пікі будуць бадацца, Рапіры – свісцець, рыцарскія даспехі – шпурляцца, І да світання мярзотныя хціўцы будуць сцёртыя ў пыл.
Пераклад з расейскай Цімура Хоміча